Актаў, падобных да Еўрапейскай канвенцыі альбо мадэльнага закона, у заканадаўстве краін так званага СНД увогуле і ў беларускім заканадаўстве ў прыватнасці няма

Да гэтага часу ў Беларусі не прыняты закон «Аб абыходжанні з жывёламі», не існуе дзяржпраграм па змяншэнні колькасці бяздомных сабак і катоў гуманнымі спосабамі. Праз наяўнасць плям у заканадаўстве выпадкі жорсткага абыходжання з сабакамі і катамі ледзь не штомесяц фіксуюцца ў розных кутках краіны.

Так, у 2010 годзе адзін грамадзянін прыдумаў “арыгінальны” спосаб адпужвання птушак, прывязаўшы да шаста замест чучала жывую каўку.

Мінчук у 2012 годзе адрэзаў галаву даберману.

У чэрвені 2012 года жыхар Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці паадразаў дзюбы птушанятам бакланаў. Усіх птушанят давялося ўсыпіць, бо без дзюб яны пражылі б максімум паўгода.

Гэтыя факты сталі вядомымі, дзякуючы чаму вінаватыя хоць і мінімальна, але ўсё ж былі пакараныя.

Аднак часцей за ўсё да гэтага нават не даходзіць. Жорсткае абыходжанне з жывёламі застаецца незаўважаным і непакараным, на вялікі жаль, успрымаецца як норма.

Напрыклад, у асноўных прынцыпах Еўрапейскай канвенцыі па абароне хатніх жывёл ад лістапада 1987 года, якая падпісана 19 дзяржавамі, у т. л. Аўстрыяй, Францыяй, Бельгіяй, Італіяй і інш., запісана:
“Ніхто не мае права прычыняць жывёле непатрэбны боль, пакуту ці шкоду”.

Нельга сказаць, што экалагічнае права ў Беларусі зусім не складваецца.

Тым не менш, сегмент аховы менавіта жывёл у экалагічным заканадаўстве развіваецца аднабока: існуюць заканадаўчыя акты, якія тычацца аховы дзікіх жывёл, але ў дачыненні да іншых катэгорый жывёл пераважна распрацаваны толькі нормы аб адказнасці за жорсткае абыходжанне.