18 лістапада 1918 года быў падпісаны Акт аб Незалежнасці Латвійскай Рэспублікі. Праграма святкавання складаецца з мноства мерапрыемстваў і праэктаў у сфэры культуры, адукацыі, спорту, будаўніцтва, турызму. Некаторыя з іх пачаліся ў 2017 годзе, частка будзе пряцягвацца ажно да 2021 года. Краіна жыве са знакам "Латвія 100 год" цягам бягучага з 18 лістапада 2017 году штодзённа.

photo5204299460287507077

 

Праграма ўрачыстасцяў стваралася на дзяржаўным узроўні, яна падкрэслівае сваёй працягласцю доўгі шлях Латвіі да незалежнасці, а таксама барацьбу за незалежнасць, якая працягвалася падчас савецкай акупацыі (менавіта так афіцыйна завецца перыяд знаходжання Латвіі ў складзе СССР). Тым не менш, праграма святкаванняў складалася не вертыкальна, а менавіта разрасталася і ахоплівае ўсю краіну. Дзяржава не абмяжоўвае праграму святкавання, заганяючы тых, хто жадае адзначыць 100-годдзе незалежнасці ў адзін парк праз мэталадэтэктары, а наадварот - агітуе латвійцаў прапаноўваць ідэі святкавання 100-годдзя дзяржаўнасці і ўвасабляць гэтыя ідэі разам.

З моманту стварэння ў 1987-1988 гадох Народнага Фронту Латвіі "Атмада" і падзеяў, звязаных з канчатковым выхадам з СССР, якія адбываліся пасля гэтага, жыццё ў Латвіі памянялася нашмат. Памяць аб падзеях 1980-х - пачатку 1990-х у Латвіі і ў Рызе ашчадна захоўваецца. Гэтая пара таксама мае паэтычную назву "Рэвалюцыя Песень". Вандруючы па цэнтры Рыгі вы зможаце рэінсталяваць акалічнасці студзеньскіх падзеяў 1991 года ў парку недалёка ад Помніка Свабоды паміж Бастыённай Горкай і будынкам былога МУС Латвійскай ССР, тут усталяваныя пастамэнты ў памяць аб усіх тых, хто загінуў падчас супрацьстаяньня паміж дэманстрантамі і рыжскім АМАПам.

Сярод тых, хто аддаў сваё жыцьцё за незалежнасць Латвіі - міліцыянт з Беларусі Ўладзімер Гамановіч, які загінуў 20 студзеня 1991 года. Захаванню памяці гэтых студзеньскіх падзеяў, якія прынята называць "час барыкад", надаецца асаблівая ўвага з боку дзяржавы. Нягледзячы на тое, што з 1991 года ў Латвіі праходзяць ужо дзявятыя па ліку парлямэнцкія выбары і падчас выбараў кожны раз змяняецца палітычная канфігурацыя ўлады, стаўленне да падзеяў застаецца нязменным. Памяць аб ахвярах і пашана змагарам за незалежнасць - дэманстрацыя павагі да тых, для каго Незалежнасць краіны стала ў розныя гады марай і сэнсам жыцця і барацьбы.


Паступова ўваходзіць у масавую свядомасць назва народу Латвіі. "Латвійцы" - так цяпер прынята называць ўсіх жыхароў краіны. У сувязі з тым, што раней ўзнікала ці мала неадназначных сытуацый пры выкарыстаньні словаў "латыш" і "латышскі", краіна мае патрэбу ў тым, каб назва дзяржавы - "Латвійская Рэспубліка" - правільна адлюстроўвала і яе жыхароў. Тое, што адносіцца да Латвіі, называецца "латвійскім", а тое, што адносіцца выключна да этнасу - "латышскім". Калі ў некаторых гасцёў краіны гэтая лінгвістычная спрэчка выклікае ўсмішку, дык самі латвійцы ставяцца да гэтага з разуменнем і сур'ёзна.

З сярэдзіны XIX стагоддзя, калі ўзнік першы нацыянальны рух у Латвіі супраць асіміляцыі карэннага народа з немцамі, латышы марылі аб незалежнасці, змагаліся за яе і жылі з ёй у душы і ў думках. C гэтага часу хваля нацыянальнага абуджэння для ўсяго народа толькі набірала моц, а сцяг Латвіі, які ўпершыню згадваецца ў 1272 годзе як сцяг латгальскага ратніцтва пры абароне замка Вэндэн (цяперашні Цэсіс), таксама як і гэрб - гонар ўсёй Латвіі. Кармінавы колер сцяга ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя быў зафіксаваны як эталонны.

У пачатку 90-х гадоў за незалежнасць Латвіі пад нацыянальным сцягам выступалі прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў, якія пражывалі ў Латвіі. Турысты, якія прыязджаюць у Рыгу не раз казалі мне пра тое, што па колькасьці нацыянальных сцягаў і іншых прадметаў геральдыкі на вуліцах Латвія несумненна апярэджвае нават ЗША. Па законе, кожны домаўладальнік абавязаны вывесіць нацыянальны сцяг у дні дзяржаўных святаў ці нацыянальнай жалобы. Тым не менш у звычайныя дні шмат хто сцягі не здымае. Падкрэслім, сцяг і герб - прадмет нацыянальнага гонару Латвіі.

Падымем значна больш важкую і крытычную тэму – іміграцыю з краіны як ёсць. У 1918 і 2018 гадох насельніцтва Латвіі складала каля 1.900.000 чалавек, а ў 1980-м - каля 2.500.000 чалавек. Дык лагічна спытаць, а дзе пражывае яшчэ 600.000? Па афіцыйных дадзеных, вялікая частка з гэтай, прыкладна, траціны насельніцтва пражывае ў Вялікай Брытаніі ды іншых краінах ЕЗ, а вось у Расею, якая чакае на імігрантаў з Латвіі ў распасцёртыя абдымкі - з'ехала не больш за 2% жыхароў.

Відавочна, калі ацэньваць праблему іміграцыі і падзення ўзроўню прамысловай вытворчасці, якое мінула, лічбы статыстыкі (уявіце сабе - у Латвіі афіцыйная статыстыка не адрозніваецца ад неафіцыйнай, аніводная дзяржаўная ўстанова не стане публікаваць заведама несумленныя звесткі) не ўражваюць. Як і іншыя малыя краіны ЕЗ, Латвію чакаюць у перспектыве сур'ёзныя дэмаграфічныя праблемы, комплекснае стаўленне да якіх яшчэ трэба будзе канчаткова аформіць, і якія будуць адным з выклікаў для новага складу Сойма, які абралі напярэдадні - 6 кастрычніка 2018 года.

Тым не менш, гэтыя праблемы, як і праблемы эканомікі, выкарыстаньня дзяржаўнай мовы, і многія іншыя не замоўчваюцца, а з'яўляюцца штодня тэмай жорсткай палемікі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі.

Латвія пачала заахвочваць на вяртаньне на радзіму імігрантаў з ліку першых, якія з'ехалі ў Еўразвяз з моманту ўступлення краіны ў ЕЗ у 2004 годзе. Разам з тым, што магчымасьці дзяржавы па перакрыжаваным субсідаваньні эканомікі не проста абмежаныя, а зведзены да нуля, банкаўскі і лізінгавы сэктар выдае крэдытныя рэсурсы па еўрапейскіх адсоткавых стаўках, што робіць інвестыцыі прывабнымі, прамысловая вытворчасць пачала расці і што характэрна - яна падрастае высокімі тэмпамі менавіта ў тых месцах, якія ў свой час больш за ўсіх пацярпелі ад закрыцця савецкіх гігантаў - Рызе, Лепаі і Дзьвінску.

З моманту аднаўлення назалежнасці ў 1991 Латвійскай дзяржаве нязменна прадказвалі поўную або частковую дэградацыю ад ўразання той ці іншай чарговай порцыі ўзаемаадносін з Расеяй. Тым не менш, насуперак гэтаму, кожны раз пасля чарговага ўразання эканоміка краіны дэманстравала рост. З апошніх прыкладаў: у 2015-2018 годзе была абвешчаная непрымірымая вайна з фінансавымі патокамі сумнеўнага паходжання, якія прамавалі праз латвійскія банкі з Расеі і краінаў СНД, ад гэтага пацярпелі найбуйнейшыя прыватныя банкі з мясцовым і расейскім капіталам, тым не менш ўрад пайшоў да канца ў гэтай барацьбе, нават нягледзячы на тое, што гэтая жорсткая пазыцыя можа ў пэрспэктыве каштаваць пасады нонешняму прэм'ер-міністру Марысу Кучыньскісу.

Нягледзячы на самыя пэсымістычныя - аж да дэфолту – чаканні, эканоміка не проста вытрымала, але і вырасла, фінансавы сэктар стаў працаваць нашмат больш якасна, а сярэдні заробак у краіне – ўвага – без планаў "папіццот" - падышоў да 1000 еўра нават без асобных дырэктыўных загадаў прэзыдэнта нацыянальнай эканоміцы.

Латвія - парламенцкая рэспубліка, з 1991 года яна пабачыла ўжо ажно пяць прэзідэнтаў. Прэзідэнта абірае парламент, і ён можа адначасова знаходзіцца ва ўладзе не больш за два тэрміны запар. З 1991 года у ліку прэзідэнтаў была Вайра Віке-Фрэйберга - палітык з досведам і амерыканскімі каранямі, быў нашчадак Карліса Улманіса, а цяперашні прэзідэнт - Раймандс Вэяніс - нарадзіўся ў латышскай сям'і ў Пскоўскай вобласці Расеі.

Разам са спевамі і святочнай атмасферай ў дні нацыянальных урачыстасцяў, якімі, напрыклад, з'яўляюцца святы Ліга, Уселатвійскае свята Песні і іншыя, латвійцы ўяўляюць падчас святаў сабой вельмі вясёлую і бесклапотную нацыю з адмысловымі вакальнымі здольнасцямі. Кожны народ ліча сябе вялікім спеваком, але ж патлумачым па якой прычыне Вы ніколі ў жыцці не пераканаеце латвійцаў у тым, што яны не экстраэксклюзіўныя. Уселатвійскае свята песні’2018 было па ўсіх назіраннях самае яркае і масавае у краіне за ўсю гісторыю, для таго, каб залішне не распавядаць, зазірніце ў справаздачы ў інтэрнэце.

У Латвіі любы нават самы просты прадмет можа стаць нацыянальным гонарам. Вядома, ёсць шэраг нацыянальных брэндаў, якія вядомыя па-за межамі Латвіі: рыжскі бальзам, парфумерыя Dzintars, шпроты. Але разам з тым, латвійцы ўмеюць рабіць і ганарацца тым, што ў Латвіі - фенаменальныя прадукты штодзённага попыту: самы смачны ў свеце цёмны аржаны хлеб, хатнія квас і піва, мясныя і рыбныя вяндліны, глазураваныя сыркі, цукеркі "Кароўка" і цудоўнае аўсянае печыва. Гэтыя і іншыя прадукты - прадмет нацыянальнага гонару і візітоўка Латвіі.

Подых Еўропы ў сучаснай Латвіі выразна відаць практычна ва ўсім. У Латвіі - самы хуткі ў ЕЗ шырокапалосны інтэрнэт. Дзяржава ідзе па шляху лічбавай эканомікі і лічбавага ўрада. Папяровая валакіта адсутнічае практычна ў любой дзяржаўнай установе. У Латвіі, як уласна і ў любой іншай краіне ЕЗ - выразная сістэма стрымак і проціваг галін улады, незалежныя суды, прафесійныя паліцыя і войска.

Нельга не адзначыць, што без залішняга дзяржаўнага рэгулявання, без дырэктыўных мэтадаў кіраваньня эканомікай, Латвія сустрэла100-годдзе дзяржаўнасці на 48-ым месцы ў свеце па ВУП на адзінку насельніцтва, ВУП Латвіі перавышае аналагічны паказчык суседняй Беларусі ажно ў тры разы. Пры гэтым аніводны з прагнозаў не сурочыць Латвіі сур'ёзных падзенняў ў бліжэйшыя гады. Развіццё Латвіі не параўнаць з польскім, тым не менш, статыстычныя лічбы паказваюць рэальны рост эканомікі, а не рост на паперы. Дзяржаўныя рэгулятары навучыліся рабіць правільныя высновы з папярэдніх крызісных пэрыядаў і эканоміка не дрыжыць ад новых патэнцыйных пагроз.

Як кажуць – LATVIJA VAR (ЛАТВІЯ МОЖА)!

Аляксандар Міхайлаў