У сучасным грамадстве большасць краін імкнуцца да ўсталявання такога дзяржаўнага ўпарадкавання, якое б найбольш поўна адпавядала дэмакратычным ідэалам.

Традыцыйна тэрмін «дэмакратыя» трактуецца адным словам – народаўладдзе, зыходзячы з прамога перакладу грэчаскіх каранёў: «demos» – народ і «crates» – улада.

photo5199895409412123216

Разнастайнасць сацыяльна-палітычных рухаў і арганізацый у сённяшнім грамадстве пашырае ўяўленні аб дэмакратычных ідэалах у адпаведнасці са светаўспрыманнем сучаснага чалавека.

6 кастрычніка 2018 года ў Латвіі адбыліся парламенцкія выбары. Я жыву ў Латвіі паўтара года, і на працягу ўсёй выбарнай кампаніі перажываў пазітыўны шок і адчуваў сапраўднае задавальненне ад рэальных, а не «ліпавых» выбараў, «намаляваных» галасоў.

На тэлебачанні ў прамым эфіры паказвалі трансляцыю падліку галасоў, кожны голас быў улічаны – можна быць упэўненым. Пры гэтым галасы суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, лічыліся скрупулёзна, кожны (!!!) з галасоў.

На працягу парламенцкіх выбараў я назіраў, як карэспандэнты бралі інтэрв’ю ва ўсіх партый-удзельніц. І гэта каштоўна. Не будзем хадзіць далёка – у Беларусі ўжо нават і не помняць, калі ладзіліся перадвыбарныя дэбаты.

Варта адзначыць, што Латвія не баіцца выбіраць новых персон, не баіцца выбіраць прадстаўнікоў новых партый.

Тры з паловай месяцы краіна была без прэм’ер-міністра, але эканоміка пры гэтым не абвалілася. У новым урадзе ёсць і новыя людзі, і новыя партыі.

Выбраныя парламенцкія фракцыі здолелі дамовіцца і сфарміраваць дэмакратычны ўрад. На чале ўрада стане выхадзец з ЗША – і гэта нікога не бянтэжыць. У пэўным сэнсе гэта можна разглядаць як пазітыўны знак, бо палітык з амерыканскімі каранямі мае добрую адукацыю і ведае традыцыі палітычнага дыскурсу.

СМІ прадказваюць розную будучыню новаму ўраду. Выказваецца думка, што ён не будзе дастаткова ўстойлівым. Час пакажа.

Для мяне відавочна, што будучыня ўрада будзе залежаць ад выбаршчыкаў Латвіі і ўмення дамаўляцца ў парламенце.

Улічваючы ўсё вышэй пералічанае, я мяркую, што тыя ўрокі дэмакратыі, якія павінны быць пройдзены, Латвія засвоіла.