“Вы” ці “вы” – вось у чым пытанне

Пакуль Юры Дудзь захапляецца беларускай мовай і беларускімі дзяўчатамі, у самой Беларусі сутыкнуліся з непаважлівым стаўленнем да напісання займенніка “Вы” у якасці зварота ў афіцыйных дакументах.

Разглядаем правілы.

Службовы ліст – гэта абагуленая назва для розных па змесце дакументаў (адкрыты зварот, пацвярджэнне, адмова, паведамленне, адказ на запыт і г.д.), якія выдзяляюцца ў адну групу на той падставе, што ўсе яны служаць сродкам зносін паміж юрыдычнымі (дзяржаўнымі органамі) і фізічнымі (грамадзянамі) асобамі.

Службовы ліст – гэта важная частка дзелавой перапіскі. Галоўная мэта службовага ліста – пераканаць, паказаць, растлумачыць што-небудзь, каб аўтару дабіцца жаданага выніку ад адрасата.

Пры звароце да адрасата нельга забывацца на маўленчы этыкет, галоўная задача якога – выражэнне ветлівасці, павагі і сапраўдных намераў. Таму недапушчальнымі з’яўляюцца праявы бестактоўнасці і некарэктнасці пры выбары формы звароту.

 Зварот да аднаго чалавека на вы не з’яўляецца спрадвечна рускім або беларускім. Зварот на вы ў гэтыя мовы прыйшоў у ХVІІ ст. з заходнееўрапейскіх моў, пад уплывам у першую чаргу нямецкага і французскага маўленчага этыкету. Граматычна чужы (форма множнага ліку Вы ў адносінах да аднаго чалавека) спачатку, ужо ў ХІХ ст. гэты зварот стаў звыклым і абавязковым для выхаванага чалавека, шырока распаўсюдзіўшыся ў якасці пачцівага і ветлівага.

Сучасныя слоўнікі і даведнікі рэкамендуюць пісаць займеннікі Вы і Ваш з вялікай літары:

  1. Як форма выражэння ветлівасці пры звароце да аднаго канкрэтнага чалавека ў лістах, афіцыйных дакументах і да т.п. (Правила русской орфографии и пунктуации. Полный академический справочник / Под ред. В.В. Лопатина. – М., 2013. – § 202).
  2. Лопатин, В.В., Нечаева, И.В., Чельцова Л.К. Прописная или строчная? Орфографический словарь. – М., 2011. – С. 37).
  3. Розенталь, Д.Э. Справочник по русскому языку. Прописная или строчная? – 7-е изд., перераб. и доп. – М., 2005.—С. 302.
  4. Оформление документов. Методические рекомендации на основе ГОСТ Р 6.30-97. – М., 1998. – С. 91.
  5. Мильчин, А.Э., Чельцова, Л.К. Справочник издателя и автора: Редакционно-издательское оформление издания. – 2-е изд., испр. и доп. – М., 2003. – С. 84.
  6. Русский орфографический словарь РАН / Под ред В.В. Лопатина, О.Е. Ивановой. – 4-е изд., испр. и доп. – М., 2012. – С. 70, 106.

Паколькі ў беларускай мове на сённяшні дзень яшчэ недастаткова шырока і дэталёва распрацаваны правілы вядзення справаводства па-беларуску, колькасць крыніц, у якіх рэгламентавана, з якой літары пісаць займеннік вы пры звароце, абмежаваная ў параўнанні з рускай мовай. Аднак тэндэнцыя адзначаецца тая ж, што і адлюстравана ў Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджаных Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ад 23 ліпеня 2008 года, які ўступіў у сілу з 1 верасня 2010 года. Згодна з параграфам 29 названых Правіл у афіцыйнай перапісцы (афіцыйныя дакументы, пасланні) ужываецца асабовы займеннік Вы (і вытворныя ад яго), які пішацца з вялікай літары, як форма ветлівага звароту да адной асобы.

А, як вядома, тое, што запісана ў Законе, падлягае абавязковаму выкананню. Па крайняй меры да таго часу, пакуль не будзе прыняты новы закон ці ўнесены змены ў існуючы.