Аўтар Уладзіслаў Іваноў - палітолаг, этнолаг, выкладчык ЕГУ (Вільня), даследнік віцебскіх старавераў.

Паўстанне на чале з К. Каліноўскім справакавала ня толькі рэакцыю царызму на беларускіх землях, а перадусім нацыятворчыя працэсы, якія запознена, але прывялі да фарміравання беларускай нацыі. Вельмі цікавай у гэтым рэчышчы з’яўляецца этналагічная і гістарычная рэканструкцыя і новы аналіз этнаграфічна-статыстычных дадзеных ХІХ ст., што датычыць беларускага стараверства, якое неадназначна апісваецца этнографамі, гісторыкамі, публіцыстамі, статыстамі і рэлігійнікамі. З аднога боку, стараверы – расейскія прыбышы, альбо прыбышы з Масковіі, а таму ворагі ідэі ВКЛ і адданыя праваднікі расейскасці, царызму. З іншага боку, гнаныя з Масковіі і знайшоўшы прытулак на беларускіх землях, многія стараверы інтэграваліся, нават асіміляваліся з беларусамі. І падчас паўстання 1863-64 гг. далёка не ўсе стараверы падтрымлівалі царызм. Статыстычныя, публіцыстычныя і этнаграфічныя звесткі ХІХ ст. ілюструюць гэтую двухсэнсоўнасць ролі стараверства Беларусі. У дадатак, статыстыка, а потым і першы перапіс Расейскай імпэрыі прадэманструюць пэўную беларусізацыю старавераў, іх актыўны ўдзел у нацыятворчым беларускім працэсе.

 Сапраўды, прынцыповыя змены вобразу стараверства ў Расейскай імпэрыі адбываюцца ў 60-ыя гады ХІХ стагоддзя. Спроба навязаць адзінаверства, схіліць старавераў да праваслаўя, забарона да 1883 году будаваць свае бажніцы часта пакідалі старавераў варожымі да ўладаў і цара. Трэба заўсёды помніць, што няма адзінага стараверства наогул, так і стараверства Беларусі, а некалькі досыць адрозных плыняў (паморцы, фэдасееўцы, папоўцы, адзінаверцы). Нутраныя канфлікты ўнутры гэтых плыняў вельмі часта перашкаджалі збліжэнню і зліццю ў нейкае адзінае стараверства, а таму вонкавыя назіранні і амальгамныя ўяўленні аб адзіным стараверстве памылковыя. Хаця ў беларускай мастацкай і гістарычнай літаратуры, дадушы, дамінуе пераважна адмоўны, варожы адзіны вобраз старавера, маскаля: “пятая калёна”, прадаўцы”, “здаўцы інсургентаў”, “злыдні”, “чужынцы”, “іншыя”, “нетутэйшыя”. Таксама зачастую нашыя даследнікі спасылаюцца на другарадныя, вельмі заангажаваныя, а таму сумнеўна-навуковыя расейскія і беларускія даследаванні, якія прапагандуюць вобраз старавера-носьбіта расейскай культуры і мовы на службе царызму, старавера, як абаронцы “рускай ідэі”, як зацятага беларусафоба і палякафоба, старавера, як “рускі элемент”.

І тут мы знаходзімся ў пазіцыі прызнання нібыта адвечнай нязменнай рускасці, беларускасці, польскасці і г.д., тады як у ХІХ стагоддзі вельмі рызыкоўна і недакладна, ненавукова трактаваць старавераў, беларусаў ды расейцаў праз прызму сучаснага нацыяразумення.

Варта пазначыць, што тэма стараверства зачастую выкрыстоўваецца не зусім навуковымі, зыдэалагізаванымі, скрайнімі дыскурсамі ў сваіх мэтах. Іншая крайнасць – беларуская гістарычная, этналагічная навука ці не цалкам ігнаруе, не інтэгруе стараверскую тэму ў свае поле інтарэсаў і даследванняў. Мясцовая гуманістыка часта моўчкі згаджаецца з расейскай этналогіяй, якая лічыць стараверства за расейскі субэтнас. Абапіраючыся на сацыялягічныя, мовазнаўчыя дасьледваньні, а таксама на ўласныя этналягічныя напрацоўкі, экспэдыцыі, я схіляюся да думкі, што стараверста Беларусі здаўна стала беларускім стараверствам і з 19-га стагодзьдзя многія суполкі і групы старавераў разьвіваліся, мяняліся на мяжы расейскасьці і беларускасьці. Стараверства ня ў межах Расеі і тым больш ва ўмовах роднакрэўнасьці, блізкасьці не заўсёды захоўвала расейскасьць, а таму нельга сьцьвярджаць, што ўсё стараверства – расейскі субэтнас. Па-за межамі Расеі многія стараверскія суполкі інтэграваліся, асыміляваліся ў мясцовае насельніцтва і прынялі ўдзел у нацыятворчых працэсах іншых краінаў (Летува, Польшча, Беларусь і г.д.)

Сутычкі, канфлікты падчас паўстання паміж стараверамі і паўстанцамі былі частыя. Часта таксама апісваецца, як стараверы – пераважна фэдасееўцы - здавалі інсургэнтаў, а паўстанцы ў адказ вынішчалі старавераў-калабарантаў (у Летуве, у Беларусі) на іх хутарах, альбо як мясцовыя ноблі ў помсту за калабарацыю адмаўлялі працягваць арэнду шматлікім стараверскім сем’ям. У выніку сотні сем’яў апыньваліся без дому. Варта адзначыць, што многія стараверы, як і беларускія сяляне, якія вылаўлівалі інсургэнтаў, насамрэч, паўставалі супраць паноў, святароў, гэта быў пратэст багатым, заможнім, уладным. Зрэшты, не ўся шляхта салідарызавала з паўстанцамі: так, У. Васькоў у даследванні каталіцтва Панізоўя і Севершчыны даводзіць, што мясцовая шляхта не падтрымлівала паўстання і хутчэй дэманстравала вернападанніцкія пачуцьці.

Тым не менш, не варта абагульняць і перабольшваць: не ўсе стараверы сталі на бок царызму. Па-першае, пэўныя беспапоўскія і папоўскія сагласы працягвалі крытыкаваць цара і выказвалі падчас паўстання своеасаблівы нейтралітэт. Такім чынам, веданне спецыфікі стараверскіх сагласаў Беларусі ў ХІХ ст. вядзе да дакладнага разумення агульнай карціны свае/чужыя ў той пэрыяд гісторыі. Значная частка стараверства заставалася нейтральнай, інэрцыйнай у такім вялікім сацыяльным канфлікце, як паўстанне Каліноўскага. З аднога боку, мы маем справу з “фэдасееўскай здрадай”, калі пэўныя сагласы стараверства змянілі важныя ідэалагічныя арыенціры і сталі на бок царызму, а, з другога боку, мы маем справу з большай млявай, інэрцыйнай і часта нейтральнай часткай стараверства, якая станавілася не акторам, а хіба аб’ектам падзеяў.

Па-другое, варта адкінуць выключна нацыянальнае вымярэнне канфлікту: як ні парадаксальна, многія беларускія, летувіскія сяляне былі адарваныя ад паўстанцаў, ад шляхты і нобляў, якія жадалі пазбавіцца царскай апекі. Напрыклад, сяляне-нестараверы Магілёўскай і Віцебскай губерні часта здавалі інсургентаў уладам, што дэманструе адсутнасць нейкай агульнабеларускай ці агульнапольскай салідарнасці. То бок, на першае месца выходзіць зноў класавасць канфлікту, што і сталася слабінай, адной з прычынаў паразы паўстання. Той факт, што паўстанне не стала агульным, а ахапіла выключна шляхту, - не парадокс, не дзіўны факт, усе тагачасныя паўстанні ў Еўропе не мелі салідарызаванасці паміж усімі пластамі аднога грамадзтва. Ня толькі тагачаснае сялянства Беларусі ці Летувы, але і скандынаўскае, францускае сялянства атаясамляла сябе перадусім з лакальным, мясцовым і не заўсёды ці зусім не лічыла сябе францускім ці нарвескім, шведзкім. Адсутнічала салідарызаванасьць паміж прадстаўнікамі (сялянамі, шляхтай, месьцічамі) адной нацыі, тым больш такой рэлігійна, ідэалягічна раз’яднанай, аморфнай, несфармаванай ці ў стане фармавання, як беларуская, бо адсутнічала само разуменне адзінай нацыі – яго не было цалкам, бо не было дзяржавы перадусім. Прыгэтым апэраванне паняццем “расейскі”, “рускі” у дачыненні да старавераў Беларусі ХІХ ст.  таксама некарэктнае, памылковае, бо нельга называць учора сянняшнімі назвамі, імёнамі.

Па-трэцяе, удзел старавераў у паўстанні на баку інсургентаў ці проста іх няўдзел часта цалкам ігнаруецца, заўсёды стараверства трактуецца, як актыўны варожы, антыбеларускі элемэнт. Але ж пэўная, няхай і меньшая ці нават мінарытарная частка старавераў Беларусі трапіла ў супрацьлеглы стэрэатыпнаму лагер ‐ інсургэнцкі, прашляхецкі. У спісах удзельнікаў паўстання 1863‐1864 гг. мы знаходзім не толькі польскія, беларускія ці летувіскія прозвішчы‐імёны, але і жыдоўскія і рускія.

Прыгэтым ня варта забываць пра антыраскольніцкую палітыку архіяпіскапа Полацкага Васіля якраз у часы паўстаньня, які не заўсёды прытрымліваўся лініі Сыноду. Калі ўлады паступова мякчэлі ў дачыненні да старавераў, архіяпіскап у час паўстання нагадваў Сыноду і царскаму ўраду пра «асаблівую варожасьць віцебскіх раскольнікаў абодвух палоў».

З усяго гэтага вынікае, што стараверы тагачаснай Віцебшчыны хутчэй працягвалі варожа ставіцца да ўладаў і Праваслаўнай Царквы, якія яны працягвалі трактаваць, як «змийное или мурашное гнездо и истое сатанино или бесов его прескверное дверище». Таму пэўныя праявы стараверскай салідарнасьці з царызмам, на якія звяртаюць увагу гісторыкі і этнографы, неабходна ўспрымаць, як выключэнні ці проста прыватныя акты.

Неабходна ўспрымаць паўстаньне 1863-1864 гг., як важны надлом, разрэз, штуршок у кагорце іншых (паўстанне  1830-ыя гады, скасаванне прыгону, індустрыялізацыя) да фармавання як беларускай, так і расейскай нацыі. Стараверы ў сэрыі гэтых надломаў і ў залежнасці ад ступені інтэграванасці і асыміляцыі траплялі то на адзін, то на другі бок нацыястварэння. Якраз на прыкладзе старавераў, прыбышоў з Масковіі, але сталых у выніку мяшання і інтэграцыі цалкам тубыльскім насельніцтвам, бачны не прыроджаны характар народнасці, нацыі, а сацыяльны, набыты, канструяваны. Мясцовае стараверства заўсёды знаходзілася на мяжы расейскасці і беларускасці, спалучала гэтыя дзве мадэлі, а часам пры палітычным імперскім уплыве, умяшанні адхіляла адну мадэль на карысць іншай.